Аляксандр Твелянёў сее добрае і вечнае ў Старасельскай СШ Віцебскага раёна

Працавітасць і павага да дзяцей з’яўляюцца галоўнымі пастулатамі ў прафесійнай дзейнасці маладога вясковага настаўніка Аляксандра Твелянёва.

У хуткаплынным карагодзе рэчаіснасці часта здараецца так, што людзі ад нараджэння прызначаны быць настаўнікамі. У незалежнасці ад узроўню і прэстыжу ўстановы адукацыі яны гараць сваёй справай і згуртоўваюць дзяцей вакол сябе. Такім чалавекам з’яўляецца Аляксандр Васільевіч.
Ён нарадзіўся ў Віцебску, паспяхова скончыў гарадскую школу. Успамінае, што гэта быў самы лёгкі і бесклапотны час юнацтва. Вучоба давалася лёгка, меў высокі бал і любіў пазнаваць нешта новае. Быў апантаны гісторыяй як навукай яшчэ будучы школьнікам, прага да яе не пакінула настаўніка і зараз, але атрымаў вышэйшую адукацыю зусім па іншай спецыяльнасці, чым вельмі здзівіў педагогаў і аднакласнікаў.
У 2009 годзе стаў студэнтам фізічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, юнака нібы магнітам прыцягвалі складаныя працэсы ў навакольным свеце, тэхніка. Універсітэцкі лёс прапанаваў дзве сцежкі — быць інжынерам альбо настаўнікам, зрабіўшы выбар у бок апошняга, на роўным з фізікай пачаў вывучаць інфарматыку і астраномію. Першая практыка ў школе канчаткова пацвердзіла правільнасць выбару.
Па шчасліваму выпадку першым месцам работы Аляксандра стала Суйкаўская школа. Невялікі дружны калектыў педагогаў сустрэў маладога спецыяліста вельмі гасцінна, дапамагалі і давалі парады вопытныя настаўнікі. І вучні адразу адчулі новы крэатыўны подых у камп’ютарным класе: спяшаліся на ўрокі і з цікавасцю наведвалі факультатывы. Аляксандр Васільевіч успамінае, што кожны дзень прыходзіў ва ўстанову поўны энтузіязму і натхнення, не згубіў гэты настрой і сёння. Цэлых пяць год праляцелі як адно імгненне, яны пакінулі ў душы маладога настаўніка яркія і цёплыя ўспаміны.
Сёння ён шчыруе на адукацыйнай ніве ў Старасельскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза У. П. Краева. Сее добрае і вечнае для вясковых вучняў. Яны ў сваю чаргу паважаюць і ўважліва ставяцца да парад настаўніка.

«Навучальны працэс стараюся пабудаваць, як канструктыўны дыялог, дзе вучань мае права выказваць свае развагі і здагадкі па розных тэмах. Вельмі важнае пытанне прафесійнай педагагічнай этыкі. У большасці выпадкаў непавага да настаўніка з’яўляецца ў адказ на абыякавасць педагога. Таму абавязкова, выбіраючы такую прафесію, трэба максімальна выкладвацца і «гарэць» сваёй справай», — разважае Аляксандр Васільевіч.

На сваіх занятках ён імкнецца быць на адной хвалі з моладдзю, сочыць за сучасным кінематографам і музыкай. Кожнаму вучню прапаноўвае падрыхтоўваць выступленні па пытаннях прадмета, якія больш іх цікавяць. Розныя інтэрактыўныя формы ўрокаў і нават «фізічныя і астранамічныя» жарты ствараюць на занятках пазітыўную атмасферу і яшчэ больш збліжаюць клас.
Актыўна ўдзельнічае Аляксандр Твелянёў ў пазакласных мерапрыемствах: першыя два гады прадстаўляў сваю школу на розных конкурсах маладых спецыялістаў, кожны год абараняе гонар калектыву на турыстычных злётах, дзе можна не толькі паказаць творчыя і спартыўныя здольнасці, але і знайсці новых сяброў. Кожны год у Прыдзвінскай рэзідэнцыі Дзеда Мароза з’яўляецца актыўным удзельнікам тэатральных замалёвак: прымяраў на сябе ролю робата, смурфа, скарбніка, вядзе мерапрыемствы і інш. У гэтым і ёсць адно з галоўных адрозненняў вясковай школы ад гарадской — яна дае ўнікальную мажлівасць не толькі прафесійнага, але і спартыўнага, творчага развіцця.
У вольны час, дзеліцца Аляксандр Васільевіч, любіць чытаць навуковую фантастыку і фэнтэзі, навукова-папулярную літаратуру. Кіно і музыка — яшчэ адна маленькая слабасць, якая дапамагае адпачыць ад штодзённых клопатаў. Вельмі апантаны рыбалкай, за шмат гадоў захаплення паставіў свае асабістыя рэкорды.

«Поспех настаўніка залежыць ад некалькіх фактараў. Па-першае — працавітасць, бо непадрыхтаваны да заняткаў чалавек не зможа навучыць дзяцей і зруйнуе сваю рэпутацыю. Па-другое — павага да дзяцей, стаўленне да іх, як да дарослых асобаў, умець бачыць здольнасці і асаблівасці кожнага. Часам прыйдзецца застацца пасля заняткаў і яшчэ раз патлумачыць тэму. Для мяне існуе правіла: дзяцей нельга размяжоўваць на «любімых і нелюбімых», бо ў кожным закладзены патэнцыял, які я павінен убачыць і дапамагчы яго рэалізаваць», — рэзюміруе Аляксандр Васільевіч.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Обычная версия
Настройки
Шрифт
Roboto
Times New Roman
Размер
А
А
А
Межбуквенное расстояние
Нормальное
Среднее
Большое
Цветовая схема
Черным по белому
Белым по черному
X