Вы здесь

Раённы цэнтр рамёстваў «Адраджэнне» запрашае на выставу льняных хустак-набіванак

Цудоўную калекцыю галаўных убораў прадставіла майстар па тэкстылю гэтай установы культуры Дзіна Даўгяла.

На здымку: Таццяна Даўлетшына знаёміць наведвальнікаў з выставай хустак-набіванак

На здымку: Таццяна Даўлетшына знаёміць наведвальнікаў з выставай хустак-набіванак

Аднолькавыя па памеру, хусткі адрозніваюцца колерам і ўзорам. У вытанчаных вобразатворах адчуваецца трапяткі падыход майстра да справы. Некалькі год Дзіна Міхайлаўна збірала інфармацыю пра гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вывучала этнаграфічныя асаблівасці традыцыйнага рамяства і тэхніку набіванкі. На стварэнне калекцыі хустак спатрэбілася два месяцы.

Упершыню майстрыха прадставіла свае работы-набіванкі на выставе-конкурсе рэдкіх і забытых рамёстваў «Традыцыя ў сучаснасці», якая прайшла ў студзені ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, і стала лаўрэатам.

Кожная хустка ў залежнасці ад узору мае сваю назву: «Дрэва жыцця», «Ружовы водар», «Жніво», «Каханне», «Вясновая рапсодыя», «Блакітныя птушкі». Зроблены яны ў тэхніцы трафарэтнай набіванкі, выкарыстаныя матэрыялы — лён і акрылавыя фарбы.

Гэты від народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці на Беларусі вядомы здаўна. У арнаменце пераважалі раслінныя ўзоры (кветкі, лісцікі, сцяблінкі), геаметрычны элементы, зорачкі, птушачкі. Рабілася набіванка звычайна ў адзін колер, часцей за ўсё сіні, таму майстроў называлі сінельнікамі.  Промысел набіванкі быў шырока распаўсюджаны на Віцебшчыне, займаліся ім таксама на Міншчыне, у Бабруйску.

— Дзіна Міхайлаўна з’яўляецца членам клуба народных майстроў «Традыцыя» Віцебскага раёна. Да любой справы  падыходзіць скрупулёзна, адказна і мэтанакіравана, — характарызуе жанчыну дырэктар цэнтра рамёстваў Таццяна Даўлетшына.

Як майстар па тэкстылю Даўгяла займаецца вырабам традыцыйных народных лялек. Ёсць у яе калекцыі інтэр’ерныя фігуры, лялькі-траўніцы, зернявушкі, вядучкі-абярэгі. Дзіна Міхайлаўна кіруе ў цэнтры аматарскім аб’яднаннем для дарослых «Ладаміра» . На абласной выставе-конкурсе народнай цацкі і лялькі «Забава-2018» яна атрымала дыплом II ступені. На суд журы і гледачоў былі прадстаўлены лялькі ў традыцыйным святочным адзенні заможных сялян Віцебскага павета пачатку XX стагоддзя.

Складальнікі творчых перамог майстра — назіральнасць, уседлівасць і ўлюбёнасць у сваё рамяство.

Ніна Сталярэнка
Фота аўтара

Обычная версия
Настройки
Шрифт
Roboto
Times New Roman
Размер
А
А
А
Межбуквенное расстояние
Нормальное
Среднее
Большое
Цветовая схема
Черным по белому
Белым по черному
X