Сямейны тандэм Клянскіх з аг.Вымна Віцебскага раёна славіцца сваімі кулінарнымі шэдэўрамі

Гастранамічны турызм даўно знайшоў папулярнасць у Італіі, Францыі, Грузіі, Іспаніі, Казахстане і іншых краінах.

Беларусь, якая з даўніх часоў славіцца сваёй гасціннасцю, мае багатую кулінарную спадчыну, шмат рэцэптаў якой па-сапраўднаму з’яўляюцца нацыянальнымі здабыткамі беларусаў. У Віцебскім раёне актыўна рэалізуюцца мерапрыемствы адпаведна дарожнай карце па развіццю гастранамічнага турызму ў Рэспубліцы Беларусь. Паласавацца стравамі нацыянальнай кухні прапануюць установы адукацыі, музеі і сельскія Саветы на раённых мерапрыемствах, гэта паспяхова знаходзіць водгук у гасцей паўночнага рэгіёну.


За беларусамі здаўна замацавалася ганаровае званне «бульбашы», гэта не дзіўна, бо другі хлеб быў і ёсць у нашым рацыёне прадуктам, з якога можна прыгатаваць сотні розных страў. Але вымнянскія дзеруны сталі ўжо амаль візітнай карткай нашага раёна.
Жанна Клянская працуе ў Вымнянскай дзіцячы сад-базавай школе імя Героя Савецкага Саюза А. Я. Углоўскага кухарам, а на кожным раённым мерапрыемстве яе можна пазнаць здаля. Стракаты ліловы фартушок і накрухмалены белы каўпак, шырокая ўсмешка і пазітыўная энергія адразу выдзяляюць яе з шэрагу іншых. Ды што там фартушок! Чароўныя пахі смажанай бульбы як магнітам прыцягваюць да вымнянскага падворку. Здаецца, сакрэту ў рэцэпце няма: свая бульба, яйкі, крыху мукі і соль, а яшчэ гаспадыня дадае да дзеруноў сваю дабрыню, каб кожны блінчык, падобны да залацістага сонейка на патэльні, быў смачны і духмяны. Прыгатаванне гэтай стравы падобна да сапраўднага шоу, бо жараць дзеруны на агнi з драўляных калод, распілаваных унутры па форме зоркі. Не паспее жадаючы ў чарзе азірнуцца на дзіўную кухню, яму ўжо падаюць толькі-толькі знятыя гарачыя кругляшы, шчодра палітыя смятанкай. Вось і ўвесь сакрэт для стварэння святочнага настрою.


Побач з Жаннай на кулінарнай ніве шчыруе яе муж Алег. Ён працуе таксама ў школе, загадчыкам гаспадаркі, а ў вольны час гатуе разам з жонкай. Прапануе на святах пакаштаваць юшку з рыбы, што водзіцца ў Вымнянскім возеры. Бульба, рыбка, морква, цыбуля, кроп, лаўровы ліст, соль і перац па смаку. Здаецца, такія простыя інгрэдыенты, але за паўгадзіны яны ператвараюцца ў смачную страву, за якой ужо выстройваецца чарга жадаючых. У чым сакрэт? У добрым настроі і сонечным надвор’і.


Дзякуючы майстэрству сямейнага дуэта Клянскіх Вымнянская школа — жаданы ўдзельнiк розных мерапрыемстваў, конкурсаў і майстар-класаў. А створаны ў школе музей хлеба, дзе экскурсантам прапануюць прадэгуставаць розныя хлебабулачныя вырабы, вялікі крок для развіцця гастранамічнага турызму ў раёне і ўзорны прыклад для іншых устаноў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота аўтара

Обычная версия
Настройки
Шрифт
Roboto
Times New Roman
Размер
А
А
А
Межбуквенное расстояние
Нормальное
Среднее
Большое
Цветовая схема
Черным по белому
Белым по черному
X