Вы здесь

У наступным годзе каталіцкіх вернікаў чакаюць некалькі важных падзей з нагоды юбілеяў, паведаміў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч

На сайте ведутся технические работы, в связи с чем, не вся информация присутствует в полном объеме. 

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч правёў традыцыйную перадкалядную прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Ён расказаў, чым запомніўся гэты год, якія падзеі чакаюць у наступным, азнаёміў з праграмай святочных мерапрыемстваў і раскладам правядзення пастэрак і святых Імшаў у віцебскіх парафіях на святы Божага Нараджэння.

На здымку: біскуп Віцебскі Алег Буткевіч

На здымку: біскуп Віцебскі Алег Буткевіч

У наступным годзе каталіцкіх вернікаў чакаюць некалькі важных падзей з нагоды юбілеяў, паведаміў Алег Буткевіч. Па-першае, Віцебскай дыяцэзіі спаўняецца 20 год з дня заснавання, які прыходзіцца на 13 кастрычніка. Да гэтага яна ўваходзіла ў склад Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Першым біскупам на Віцебшчыне стаў Уладзіслаў Блін (18 студзеня 2014 года  адбылося біскупскае пасвячэнне Алега Буткевіча, ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі). Таксама ў 2019-м адзначаецца 10-гадовы юбілей каранацыі абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі. Гэта месца — санктуарый Віцебскай дыяцэзіі ў Браславе — блізкае для шматлікіх вернікаў, бо святыня  праз набажэнства многім даруе ласку боскую. У наступаючым годзе споўніцца 10 год з даты асвячэння касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску, да гэтага  часу ролю катэдры выконваў касцёл Святой Барбары. «Святыня ўзнікла ў знак удзячнасці Пану Богу за аднаўленне касцёла на Беларусі і Віцебшчыне», — рэзюміраваў Алег Буткевіч.

Па яго словах, падзеі наступнага года не будуць адрознівацца надзвычайнасцю, яны ўтрымліваюць тое, чым касцёл займаецца на працягу ўсёй душпастырскай дзейнасці. Мерапрыемствы, скіраваныя на духоўнае развіццё вернікаў, будуць праводзіцца ва ўсіх парафіях, шэраг з іх прысвечаны аднаўленню і паглыбленню культу мучанікаў. Традыцыйна запланаваны паломніцтвы да святых месцаў, у прыватнасці, да Маці Божай Валадаркі Азёраў, да Маці Божай Фацімскай у Шуміліне, у Росіцкі санктуарый, дзе праходзяць урачыстасці ў памяць пакутніцкай смерці святароў Антонія Ляшэвіча і Юрыя Кашыры, якія дабравольна пайшлі на смерць са сваімі парафіянамі ў лютым 1943 года.

Біскуп Віцебскі адзначыў, што будуць праводзіцца акцыі міласэрнасці па аказанні дапамогі людзям малазабяспечаным, з абмежаванымі магчымасцямі, сіротам. Пры Віцебскай дыяцэзіі працуе дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas, кіраўніком якога з’яўляецца ксёндз Андрэй Аніскевіч. Яно прагне несці дапамогу тым, хто мае найбольшую патрэбу, нягледзячы на нацыянальную ці рэлігійную прыналежнасць. Супрацоўнікі і валанцёры арганізацыі ў сваёй дзейнасці кіруюцца наказам Хрыста любіць адно аднаго і быць міласэрнымі як Бог. У мінулым годзе з дапамогай гэтага таварыства былі адкрытыя дзіцячыя Цэнтры ў Міёрах і Лепелі. Дарэчы, на працягу многіх год прадметную дапамогу Caritas аказвае Сялюцкаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў.

Аналізуючы падзеі 2018 года, Алег Буткевіч адзначыў, што завяршыў пастырскія візітацыі ў парафіі дыяцэзіі з мэтай азнаямлення з іх матэрыяльным і духоўным становішчам. Яскравыя ўражанні засталіся ад зносін з вернікамі ў розных рэгіёнах. Важнымі падзеямі сталі канферэнцыя каталіцкіх біскупаў  Беларусі ў Віцебску і сустрэча з Папам Францішкам у Прыбалтыцы. «Кожная сустрэча са святым Айцом абуджае надзеі на прыезд Папы ў нашу краіну», — прызнаўся Алег Буткевіч.

На пытанне, якая дынаміка назіраецца зараз у колькасці вернікаў, біскуп Віцебскі пацвердзіў павелічэнне і прывёў прыклад: раней у абласным цэнтры быў адзіны касцёл Святой Барбары, і ўсе ў ім змяшчаліся, а сёння тут пяць парафій і ў кожнай  столькі людзей, колькі было напачатку ў вышэйназваным касцёле.

Божае Нараджэнне — свята дабрыні, любові і міласэрнасці, яго чакаюць усе, асабліва маленькія парафіяне, падкрэсліў кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі і назваў некаторыя пункты з праграмы святочных мерапрыемстваў. Так, у межах Дзён хрысціянскай культуры на базе катэдральнага касцёла, парафій  і Мастацкага  музея праходзяць тэматычныя выставы дзіцячай творчасці. На пачатку студзеня адбудзецца традыцыйны конкурс батлейкі, у Міёрскай парафіі аб’яўлены конкурс каляднай песні. 20-годдзю Віцебскай дыяцэзіі прысвячаецца так званы біблейны конкурс, які пройдзе ў сакавіку-красавіку і дазволіць юным парафіянам паглыбіць свае веды Святога Пісання.

Ніна Сталярэнка
Фота аўтара

Обычная версия
Настройки
Шрифт
Roboto
Times New Roman
Размер
А
А
А
Межбуквенное расстояние
Нормальное
Среднее
Большое
Цветовая схема
Черным по белому
Белым по черному
X