Наш залаты фонд: гісторыі працуючых пенсіянераў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў чэрвені даручыў увесці дадатковыя матэрыяльныя стымулы для пенсіянераў, якія прадаўжаюць працаваць. Гэта сведчыць аб тым, што дзяржава зацікаўлена, каб супрацоўнікі з вялікім вопытам работы і жаданнем прыносіць карысць грамадству, працягвалі быць занятымі ў беларускай эканоміцы. Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько пабываў у кіраўніка дзяржавы з дакладам 19 чэрвеня. Па выніках сустрэчы ён расказаў, што для працуючых пенсіянераў на гэты момант устаноўлены індывідуальны каэфіцыент заробку 1,3 і звыш гэтага каэфіцыента пенсія не выплачвалася. Такім чынам, чалавек можа мець індывідуальны каэфіцыент заробку 1,45, а, паводле заканадаўства, працягваючы працаваць, ён можа атрымліваць не больш за 1,3. У сувязі з гэтым была пастаўлена задача ўнесці нарматыўны акт, які дасць магчымасць пенсіянерам прадаўжаць працаваць, але ўжо на больш прывабных умовах. Індывідуальны каэфіцыент заробку — гэта паказчык, які дэманструе, які заробак быў у чалавека адносна сярэдняй па краіне. Каб яго вызначыць, неабходна падзяліць атрыманую зарплату за месяц на паказчык сярэдняй зарплаты ў гэтым жа месяцы. Чакаецца, што дадатковыя стымулы пенсіянеры, якія працуюць, змогуць атрымаць у трэцім квартале 2024 года. Карэспандэнты «Звязды» асабіста пазнаёміліся з людзьмі, якія ўваходзяць у залаты фонд працоўных калектываў.

Творчасць, якая лечыць 

З тым, што сапраўдны ўзрост у галаве, а не ў пашпарце, згодна загадчык Заронаўскага сельскага дома культуры Віцебскага раёна Людміла Аляксеева. Ёй пашчасціла зрабіць хобі прафесіяй, таму нават на пенсіі яна штодзень ідзе на працу з радасцю.

Нягледзячы на тое што ў дзяцінстве Люда заўсёды захаплялася мастацкай самадзейнасцю, пасля школы выбрала прафесію ветурача. «У мяне па жыцці былі і ёсць тры захапленні: творчасць, любоў да кветак і ўсіх жывёлін. Таму і вырашыла вучыцца па ветэрынарнай спецыяльнасці. А мне, тады 18-гадовай дзяўчыне, гаварылі, што гэта прафесія сорамная, не жаноцкая. Але ж у адрозненні ад людзей жывёла не можа паскардзіцца, паказаць, дзе баліць», — успамінае гераіня.

Там, у Віцебскім ветэрынарным інстытуце (сёння — ВДАВМ), была моцна развіта мастацкая самадзейнасць. Дарэчы, гэтым установа вышэйшай адукацыі славіцца і сёння. У той час набіраўся новы састаў вакальна-інструментальнага ансамбля «Лянок», які потым стаў легендарным. На кастынг прыйшла і Людміла Рыгораўна, паспяхова здала экзамены і стала выступаць у складзе хору, а потым атрымлівала і сольныя партыі. 

Калектыў стаў знакамітым не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў рэспубліцы, на прасторах СССР і нават за мяжой. ВІА шмат гастраляваў, выступаў перад працаўнікамі вёскі, у воінскіх часцях, на фабрыках і заводах. Цёпла прымалі віцебскіх артыстаў у Кіеве, Рызе, Каўнасе, Маскве і іншых гарадах. Аляксеева аддала тры гады служэнню мастацтву ў сценах ветэрынарнага інстытута, а пасля выйшла замуж і засталася ў Віцебскім раёне пісаць свой прафесійны летапіс.

Тры гады адпрацавала ветурачом у саўгасе «Віцебскі», потым займала пасаду начальніка вытворчага ўчастка, працавала ў эканамічнай службе сельскагаспадарчага прадпрыемства. Звыш 20 гадоў аддала рабоце ў галіне сельскай гаспадаркі, а пасля ў саўгасе пачалася рэарганізацыя, склалася нялёгкая эканамічная сітуацыя. Зарплаты плацілі з вялікімі затрымкамі, а трэба было карміць сям’ю, дваіх дачок. Успамінае гераіня, што ў той час трымала карову, а каб зарабіць капейчыну, вазіла ў руках па 18-20 літраў малака з вёскі на гарадскі рынак.

Каля сямі гадоў Людміла Рыгораўна аддала рабоце ў Пестуніцкай сельскай бібліятэцы, дзе таксама ўдзельнічала ў тэатральных замалёўках, канцэртных праграмах мясцовага Дома культуры, які размяшчаўся з бібліятэкай у адным будынку. Пасля рэарганізацыі ўстановы, ужо на пенсіі Людміла Рыгораўна прыйшла на работу ў Заронаўскі сельскі Дом культуры. З 2014 года пачала працаваць мастацкім кіраўніком. Калегі прынялі ў свой калектыў з радасцю, напрацаваны за доўгія гады аўтарытэт і адметны голас зрабілі сваю справу. «Пачынаць было нескладана, клубы знаходзяцца ў адным сельсавеце, я ведала людзей і па грамадскай рабоце, з заронаўцамі мела зносіны і падчас работы ў саўгасе. Я прытрымліваюся ў жыцці правіла «стаўся да людзей так, як хочаш, каб яны ставіліся да цябе», таму ўваходзіць у культурны вясковы рух было няцяжка», — расказвае Людміла Аляксеева.

У 2020 годзе пасаду мастацкага кіраўніка перайменавалі ў культарганізатара, на працягу двух гадоў гераіня адказвала за пытанні вясковых культурных мерапрыемстваў абсалютна адна: звольніўся загадчык, не было кіраўнікоў гурткоў па інтарэсах. Адным словам, давялося адказваць за пажарную бяспеку, выкананне плана платных паслуг, арганізоўваць канцэрты да каляндарных свят і многае іншае. І гэта чалавек змог вынесці адзін, будучы ўжо доўгі час на пенсіі. 

«Часткова менавіта ў той перыяд я зразумела для сябе, што ўзрост — гэта той, што ў душы, а не ў пашпарце. У жніўні мне споўніцца 67, аднак ні фізічна, ні маральна я не адчуваю гэтых гадоў. Магчыма, галоўную ролю ў гэтым адыгрывае мая работа, на якую я кожны дзень іду з радасцю», — разважае гераіня.

Вопыт, мудрасць і, вядома, дзеці-выхаванцы дапамаглі пераадолець усе цяжкасці, якія не зламалі, а, наадварот, загартавалі. Пакрысе калектыў Дома культуры пачаў пашырацца, з’явіўся малады культарганізатар, а Людміла Рыгораўна стала загадчыкам установы. Нядаўна на работу прыйшоў і новы кіраўнік гуртка па інтарэсах. Нягледзячы на тое што ўзрост павінен браць сваё, з камп’ютарам Аляксеева на «ты». «Насамрэч з надыходам лічбавізацыі працаваць стала значна лягчэй. Калі ад нас патрабуецца нейкі дакумент, я ў галаве адразу малюю схему, як яго скласці і дзе ён знаходзіцца ў камп’ютары», — адзначае яна.

Улічваючы тое, што цяпер у калектыве культурнай установы пераважае моладзь, праблема пакаленняў таксама не стаіць. «Я заўсёды прымаю ўсе новыя, свежыя ідэі, адкрыта для эксперыментаў, тым больш, што і сфера дзейнасці гэтага патрабуе. Бывае, што прыходзіцца папраўляць і накіроўваць з улікам вопыту і погляду збоку», — гаворыць гераіня.

На пытанне, ці не складана ўжо 10 гадоў штодзень ездзіць на работу за восем кіламетраў, Людміла Рыгораўна адказвае катэгарычна: я не магу проста сядзець дома. «Бывае, што пасля напружаных мерапрыемстваў мне хочацца эмацыянальна і фізічна адпачыць, але на гэта хапае аднаго дня. Мне трэба пастаянна нечым займацца. Нават дома ўжо не трымаю гаспадарку, але трымаю шэсць катоў, за якімі трэба даглядаць. Вельмі люблю займацца кветкамі, гэта мая аддушына. А гаварыць аб тым, што я ўжо стамілася працаваць у культуры, не магу», — тлумачыць жанчына.

Нягледзячы на тое што культурнай адукацыі ў гераіні няма, яна змагла за доўгія гады напрацаваць аўтарытэт і павагу з боку калег. Людміла Аляксеева — жаданы артыст на святах у іншых дамах культуры раёна, яна часта прадстаўляе Віцебшчыну на вакальных конкурсах і, што радуе, паспяхова. Так, летась загадчык СДК заняла першае месца на гарадскім конкурсе ваенна-патрыятычнай песні «Галасы Айчыны», ёсць у вялікай скарбонцы ўзнагарод і трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе «Сэрцам датычныя», падзяка ад кіраўніцтва райвыканкама. Прадстаўляла Аляксеева Віцебшчыну і на адборачным туры тэлевізійнага праекта «Зорны шлях».

Падчас размовы Людміла Рыгораўна раскрыла некалькі сакрэтаў бадзёрага настрою і прафесійнага майстэрства. Так, яна ніколі не прыносіць на работу свае асабістыя праблемы і пытанні. «Я не люблю псаваць настрой усім вакол толькі таму, што ў мяне нешта здарылася. Бывае, што настрой сам па сабе не зусім пазітыўны, тады падчас абеду, калі ўсё разышліся з клуба, уключаю мікрафон і спяваю свае любімыя кампазіцыі. Песні мяняюць настрой, гэта праўда. А творчасць увогуле лечыць. Мне пашанцавала, што хобі перарасло ў прафесію. 

Я лічу гэта вялікім шчасцем і адным са складнікаў таго, што нават на пенсіі ў мяне ёсць запал і сілы працаваць», — дзеліцца гераіня.

Яна выхавала дваіх дачок, якія таксама ўзялі ад маці творчы пачатак і ў юнацтве выступалі на сцэне. Людміла Рыгораўна з самага нараджэння выхоўвае ўнука, які дагэтуль, у 22-гадовым узросце, выступае з бабуляй на адной сцэне. За дзесяць гадоў работы ў сферы культуры праз Аляксееву прайшло не адно пакаленне дзяцей, многія з якіх дагэтуль застаюцца адданымі вясковай мастацкай самадзейнасці, у ліку іх — і я, аўтар гэтых радкоў.

Источник: zviazda.by

Обычная версия
Настройки
Шрифт
Roboto
Times New Roman
Размер
А
А
А
Межбуквенное расстояние
Нормальное
Среднее
Большое
Цветовая схема
Черным по белому
Белым по черному
X